НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ ЛІТО́ЎСКАЯ РА́ДА, Найвышэйшая рада Вялікага княства Літоўскага,
часовы ўрад у ВКЛ (Літва і Зах. Беларусь) у час паўстання 1794. Створаны пасля захопу паўстанцамі ўлады ў Вільні. Абвешчана 24.4.1794. У склад рады ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока («якабінцы») — Я.Ясінскі, Т.Ваўжэцкі, І.Гелгуд і інш., а таксама прадстаўнікі з месц (усяго 29 асоб). У складзе рады былі ўтвораны дэпартаменты (пазней — дэпутацыі) адміністрацыі і парадку, публічнай бяспекі, бюджэту і таемны (кіраваў войскамі). Рада ўтварыла паўстанцкія органы кіравання на месцах — цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі. Рада ВКЛ выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, якому яна фармальна падпарадкоўвалася. 24.4.1794 яна звярнулася да жыхароў Беларусі і Літвы з заклікам узяць у рукі зброю «з мэтай адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе». Памяркоўныя элементы рады выступалі супраць радыкальных рэформ. Начальнік паўстання Т.Касцюшка абвінавачваў раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў» і ў прыхільнасці да незалежніцкай палітыкі, 10.6.1794 ён распусціў раду і замяніў яе Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага, створанай з больш памяркоўных дзеячаў і падначаленай Найвышэйшай нацыянальнай радзе ў Варшаве. А.П.Грыцкевіч.
т. 11, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)